Масленіца

25.02.2022

Добра зімачка нас пацешыла,
Шмат снегу на страху навешала.
Хлопцы і дзяўчаты, разгуляемся
I з зімачкай развітаемся!

Свята Масленіца — гэта добрае развітанне з зімой і сустрэча вясны. Масленіцу дзетвара, моладзь і дарослыя на працягу тыдня прымалі ўдзел у святочных гуляннях: хадзілі адзін да аднаго ў госці, спявалі зімовыя і вясновыя песні, танцавалі, каталіся на каруселях, з гары на санках, гушкаліся як мага вышэй на арэлях, каб быў добры ўраджай. Жартаў і смеху на Масленіцу было хоць адбаўляй. Не абыходзілася свята і без спаборніцтваў — хто дужэйшы, смялейшы і спрытнейшы за ўсіх. На Беларусі святкавалася Масленіца шырока і разнастайна. Гэта было вялікае народнае свята. Яно доўжылася цэлы тыдзень. Кожны дзень меў свае прызначэнне.
У першы дзень - сустрэча Масленіцы. Дзяўчаты і хлопцы каталіся з горкі, спявалі песні, гукалі вясну.
У другі дзень - ігрышчы. Ладзілі народныя гульні.
У трэці, сераду, частаваліся блінамі.
А вось у чацвер былі найбольш шумныя гуль¬ні. Каталіся на санках, на конях.
У наступныя два дні хадзілі ў госці да сваіх родных.
У апошні - прасілі прабачэння ў тых, каго пакрыўдзілі, і развітваліся з Масленіцай.
Усе падзеі, якія адбываюцца на Масленіцу, маюць сімвалічны характар.
Сімвалам і галоўным пачастункам Масленіцы з’яўляўся блін, таму што ён падобны да сонца, якому людзі былі вельмі рады пасля доўгай зімы!